четверг, 23 августа 2012 г.

Частка 7.


Я ў Тэгране больш за тыдзень. Я люблю гэты горад.
Тут жыве каля каля дзевяці мільёнаў чалавек, штодня яшчэ 2 прыяжджае на працу з іншых гарадоў. Пры гэтым горад не падобны на бяздушную душную Маскву.
Тут дахера хайвэяў, ад якіх я проста фанацею. Дагэтуль імчацца пад 150 па начным горадзе я мог толькі ў NeedForSpeed Underground, цяпер я раблю гэта ледзь не кожны дзень.


Тут дахера вузкіх утульных вулачак з бясконцай колькасьцю неонавых крамаў і кавярняў, быццам узятых з фільмаў Вонг Ка-Вая. Зараз я сяджу ў адной з такіх кавярняў. Два столікі, невялічкая стойка ля акна. Жоўтыя кветкі, фіранкі ў клетку. Кава, гарбата, інтэрнэт. Апошнія две ночы я спаў прама ў гэтай кавярні на падлозе.

Кавярня мае другі паверх паўметровай вышыні. Там склад посуду і ежы, там стаіць газавая гарэлка, кампутар. У кавярні акрамя ўладара - 20-гадовага гея Алі - працуюць дзве ягоныя сястры. Калі хто-небудзь замаўляе ежу, яны падымаюцца па драўлянай лесьвічцы на другі паверх з каструлямі і гатуюць. Часам я проста валяюсь на другім паверсе і яны просяць мяне паглядзець за макаронамі ці падаць банку зялёнага гарошку.


Часам я дапамагаю Алі гатаваць безалкагольны Махіта ці каву, часам мыю посуд. Часам з ягонымі сябрамі мы катаемся на атракцыёнах у парку ці проста па горадзе на машыне.
Паўгады таму Алі зубіў сваю маці. 10 год таму маці ў шпіталі паставілі брудную кропельніцу і яна захварэла на гепатыт. "Калі яна сыйшла. мы зьмянілі ўсё, - кажа Алі, - зьмянілі горад, кватэру. Але я не магу забыць, не магу паверыць. Кожную ноч яна прыходзіць да мяне. Кожную ноч я плачу. Я маю сяброў, маю любімую працу, у мяне засталася сям'я (5 сясцёр, брат, бацька), але я ненавіджу жыцьцё. Я ненавіджу сябе. Жыцьцё вакол мяне падобнае на сон. І я чакаю на абуджэньне."



***
Дзве ночы ў адным месцы тут - рэкорд для мяне. Звычайна кожны дзень мы знаёмімся з новым чалавекам, які запрашае нас у госьці. Наступным днём нас запрашае новы чалавек. І ведаеш, гэта нармьная з'ява не толькі ў Іране. Тое ж самае я сустракаў у Грузіі, Арменіі, Карабахе. Паўсюль, здаецца, толькі добрыя людзі.
Два месяцы ў дарозе - і толькі адзін непрыемны выпадак. Ён здарыўся ў першы мой дзень у Тэгране. Мне трэба было сустрэцца з сябрам Ромай, які прыехаў сюды на два дні раней, але я не ведаю гораду і не магу патэліць яму, бо life:) не працуе ў Іране. У першага-лепшага мінака на ламанай ангельскай я прашу тэлефон. "ОК! - кажа ён, - вэлкам ту Іран!". Калі я набіраю нумар сябра, той дае слухаўку свайму знаёмаму-персу, каб мой хэлпер патлумачыў, як мяне знайсьці. Непрацяглая размова на персідскай і мой новы знаёмы паказвае на траву: садзісь, чакай, маўляў. Упэўнены, што Роме патлумачылі, як мяне знайсьці, я саджусь на траву і адпачываю. "Гэта мой бог!, - кажа хэлпер і паказвае на неба. - Вэлкам ту Іран!". Потым валіцца на зямлю і пачынае маліцца. Пасьля малітвы ідзе да сяброў і гутарыць за жыцьцё. Праз 30 хвілін раптоўна падскоквае да мяне і хапае за руку: "паехалі! я адвязу цябе да сябра!". Не магу нічога зразумець, сядаю ў машыну. Кіроўца блакіруе дзверы, але я не надаю гэтаму значэньня. Праяжджаем два кіламетры, машына спыняецца. "Твой сябра чакае цябе вуунь у таго кіёска". Я, узрушаны, намагаюся адчыніць дзьверы, але тыя па-ранейшаму заблакаваныя. Кіроўца робіць рукой характэрны жэст і ў паветры з'яўляецца чароўнае слова "MONEY". Шок. Я з гэтым сутыкаюся ўпершыню і не ведаю, як сабе паводзіць. "Мані" у мяне няма ўжо больш за месяц, а калі б і былі - набыў бы сабе ежы. Я намагаюся патлумачыць, што гаворкі пра грошы не было, ды й усё роўна ў мяне іх няма, але кіроўца непрыступны. Прашу зноў патэліць сябру. І знаеш, тут здараецца дзіўная рэч. Нягледзячы на тое, што кіроўца і ангельскую не вельмі-та разумее, што казаць пра расейскую, я ўсё роўна аўтаматычна пераключаюся на беларускую: так надзейней. Абмалёўваю сябру сітуацыю, прашу падысці да мяне. "All right", кажу я кіроўцы, а  калі падыходзіць Рома, са шчасьлівымі воплямі выскокваю з машыны і хуценька выцягваю свой заплечнік. Але гэта не фініш. Кіроўца настойвае на тым, што гэта таксі і што мы вінныя яму грошы. Што характэрна, ён не ведае ангельскую, а мы не ведаем персідскую, але мы не здаемся. Звяртаемся па дапамогу да мінака, які, на шчасьце, выдатна ведае і ангельскую і персідскую. Але і перакладчык не можа нам дапамагчы. Кіроўца хапае мой заплечнік і пачынае цягнуць абратна ў машыну. Адбіваю заплечнік, Рома садзіцца на зямлю і ў паветры з'яўляецца другое магічнае слова, "POLICE", на гэты раз - з нашага боку. Мы ведаем, што машына без спецыяльных нумароў і знакаў не можа працаваць таксі і кіроўца таксама гэта ведае. Ён робіць яшчэ тры колы вакол нас, сядае ў машыну і валіцць прэч. Інцэндэнт вычарпаны, прычым без умяшальніцтва тых самых "мані" і поліс". Што і сказаць, вэлкам ту Іран.


***
Ведаеш, я ніколі дагэтуль не размаўляў па-ангельску. Так, я вучыў ангельскую ў школе і каледжы, але сказаць мог толькі наступнае: "Uladzimir Karatkevich - it's a very known belarussian writer. He was born in 1930 in Orsha. He studied at Kiev University and took a literature course in Moscow." Сам не ведаю чаму, але я запомніў гэты тэкст яшчэ ў сёмай клясе. З гэтых жа невядомых прычынаў больш я не запомніў нічога. Спытаць у краме пра малако ці ў мінака на вуліцы пра верны кірунак руху для мяне было аднолькава немагчыма што на ангельскай, што на кітайскай.
Цяпер я магу сказаць на ангельскай "Іран - краіна нерэалізаваных магчымасьцяў", магу патлумачыць, што мне патрэбная фальга і перакласьці для сяброў лукашэнкаўскія прамовы. І гэта прарыў.
Па шчырасьці, мая ангельская пакуль досыць хуёвая, часта я вымушаны выкручвацца фразамі кшталту "it's difficult to explain (гэта цяжка патлумачыць)", але з кожным днём я магу размаўляць усё вальней.


***
Прабач, але я вымушаны бегчы ў парк. Учора незнаёмая дзяўчына спытала мяне, ці каштаваў я калі-небудзь нацыянальную іранскую страву з невымаўляльнай назвай, а калі пачула адмоўны адказ, прызначыла на сёньня сустрэчу і развіталася. Я дагэтуль не разумею, што гэта было, але не выключана, што зараз я буду есьці. І не толькі.

І абяцаю, наступнага выпуску не давядзецца чакаць столькі, колькі гэтага. Да сустрэчы!

4 комментария:

  1. Патрабую яшчэ 6 папярэднiх выпускау!

    ОтветитьУдалить
    Ответы
    1. Будуць. У той ці іншай форме :).
      Зараз нашмат прасьцей напісаць восьмую, чым папярэднія шэсьць.

      Удалить
  2. выдатна! А мову трэба вучыць! Абавязкова! Як мага хутчэй!

    ОтветитьУдалить
    Ответы
    1. Прыемна, што вы чытаеце!
      А мову вучу, няма іншага выйсьця :).

      Удалить