пятница, 24 августа 2012 г.

Частка 7а. Зваротны бок медаля.

Ведаеш, я вельмі стаміўся. Днём быццам бы ўсё добра, а вечерам часам становіцца хрэнова. Гэтая стома - маральная, не фізічная.

Я два тыдні запар размаўляю выключна на ангельскай. Гэта было б не так цяжка, калі б я валодаў мовай. Але ж мне пастаянна даводзіцца перапытваць, прасіць патлумачыць. Часам у мяне проста не хапае моцы разумець суразмоўцу і я унікліва ківаю, быццам з усім пагаджаюся.
Дваццаць чатыры гадзіны на содні я вымушаны думаць над кожным словам. Нават калі я проста хачу вады, я вымушаны думаць так, быццам прызнаюся ў каханьні. Гэта давіць на мозг нават тады, калі я маўчу. Даходзіць да таго, што я аўтаматычна намагаюсь перакласьці на ангельскую ўнутраныя маналёгі. Калі не ведаю слова - лезу ў слоўнік, доўга думаю над кожным сінонімам.

Моўныя праблемы - не адзінае, што мяне зьнішчае. У горадзе кожны дзень даводзіцца думаць, дзе ты будзеш спаць. Калі ты проста едзеш, у цябе ніколі не ўзнікае такіх праблемаў: ці то кіроўца запросіць цябе дамоў, ці ты паставіш намёт дзесьці ля дарогі. Усё проста.
Я люблю спаць у намёце ля дарогі. Кантакт з чалавекам для мяне - цяжка. Я жыву ўнутры сябе. У Беларусі мне даводзілася заводзіць прынцыпіальна новы цесны кантакт у лепшым выпадку раз на месяц, тут жа - па дзесяць на дзень. І кожны раз ты павінен растлумачыць (на ангельскай, канешне!), што Беларусь - не Расея, што такое аўтаспын і што ты падарожнічаеш вакол сьвета абсалютна без грошай. Асобным пунктам даводзіцца даказваць, што гэта ўсё магчыма. Вось мапа, і вось Беларусь на ёй. Вось я, і я жывы. Вось мой заплечнік, і важыць ён 23 кіло.

Кантакт з чалавекам для мяне - цяжка. Але я ламаю сябе. Я для гэтага і паехаў - ламаць сябе, будаваць сябе. З кожным днём мне ўсё лягчэй ўзводзіць мост зносінаў з незнаёмцамі.
І калі я кажу, што не цікаўлюся машынамі, потым успамінаю, што закаханы ў Dodge Challenger. І хаця пляваць я хацеў на Алімпіяду і Еўра2012, я ведаю, што Надзея Астапчук дыскваліфікавана за допінг і магу расказаць, як з сябрам-мексіканцам трапіў на кіеўскі стадыён за 2 тыдні да Еўра. І гэтыя дробязі, на дзіва, становяцца тымі самымі вузламі, што трымаюць нітачкі зносінаў.


Але часам вельмі цяжка. Аднаго дня я ночу ў вельмі багатай сям'і. Маці працуе ў Інтэрполе і не ведае ангельскую, вучылася ў Маскве і не ведае расейскую. Малы завязвае матузкі і ходзіць у школу. І дачка. З пірсінгам пад губой. Дорыць мне тэдзібіра на тэлефон, робіць масаж і яўна прагне адсмактаць. Я магу рабіць у гэтым доме ўсё, што заўгодна. Магу жраць не ў сабе. Магу спаць цэлыя содні. Але я не магу размаўляць. І тут праблема не ў тым, што сям'я не валодае ангельскай.
Ведаеш, аднойчы ў Карабахе я пазнаёміўся з глуханямым. Цэлы дзень мы гулялі разам, ён расказваў мне пра сваё дзяцінства і карабахскую вайну, я расказваў пра крызіс у Беларусі і сваё падарожжа. Мы гутарылі пра палітыку, гісторыю і проста абмяркоўвалі мінакоў. Гэта быў дзень без аніводнага слова і - без моўных бар'ераў. Але тут я не магу размаўляць. Я не магу нават маўчаць, я зьбягаю. І калі наступным вечарам маці знаходзіць мяне ў парку і цягне за руку дамоў, кажа, прыгатавала, маўляў, курыцу з абляпіхай - я адмаўляюся, я зьбягаю зноў.


Стамляе не толькі чужына, стамляе далёкая радзіма. Стамляе то, што не магу пабачыць сваю малую сястру. Хачу паразмаўляць з ёй, хаця б пабачыць на экране - але не магу. Маці дасылае мне здымкі захаду над суседскім домам, здымкі нашых коцікаў і сабачак, але ніводнага разу не дасылае здымак сябе, брата, ці маёй сястры. Другі месяц я прашу сваіх набыць вэб-камеру, але сувязь са мной, пэўна, - недастаткова важна, сям'я не можа выдаткаваць на гэта 7$ (самая танная камера на Анлайнеры каштуе менавіта столькі). Маці тлумачыць нейкія непераканаўчыя прычыны і дасылае здымак задушанай пасткай мышы. І гэта стамляе.


Але я ўсё роўна іду наперад. Стома - херня, я змагаюсь з сабой. Я адчыняю сябе насустрач сьвету, і сьвет адказвае ўзаемнасьцю. І калі я, зьнсілены, не змагу больш знаходзіць кантакт з навакольлем - пастаўлю сабе ПінкФлойд ці Земфіру і ўсё будзе добра.

Комментариев нет:

Отправить комментарий